РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вісельнік
Зоркі ня ўбачыш, імгла непрыхільная
Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай;
Вецер ня мрэ і, як зданьне магільнае,
Носіцца грозна па пушчах, палетках.
 
Лес расхадзіўся, па шумы сусьветныя
Б’юць у тахт віхравы кожнай галінай,
Стогнуць дубы і бярозы сталетнія,
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Злыбедаў стогны і цьмы неспажытыя
Жудаснай дзікасьці поўны бязь меры.
Як жа салодзіце думкі разьбітыя,
Сэрца з разьбітай надзеяй і верай!
 
Годзе, душа маладая, пакутаваць,
Шляхам заломным снаваць бескарысна, –
Страшна загадкі усябыту расплутываць,
Выхад з туманаў знаходзіць разблысны:
 
К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася,
Віхры і ночы на бой выклікала...
Згасла ўсё лепшае, загасла, зламалася, –
Далей змагацца сілы ня стала.
 
Будзь жа збаўленьнем, пятля канапляная!
Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха:
Хутка збагацісься ў плоднасьць нязнаную,
Слаўнаю станеш – толькі паслухай!
 
Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны:
Жыва вяроўку – раз, два і гатова!
Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны
З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Вырылі яму жалезнай лапатаю,
Вырылі паміж крыжовых дарогаў,
Кінулі цела – эй, цела праклятае –
Без пасьвячэньня, бяз модлаў, з трывогай.
 
Зводна пайшлі толькі ўздохі пустынныя;
Быў чалавек – і няма чалавека:
Згінуў ня то ўжо зусім каб скацінаю –
Так сабе ўрэзаў трацініну века.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Сотні раз хмарамі неба ўзгамоніцца,
Сотні раз ніву спалошча, абсуша, –
Памяць аб вісельным век не затопіцца,
Будзе пужаці трусьлівыя душы.
 
З году да году у сьвята дзядовае
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
Песьню вятрыска пяе паграбовую...
Вісельнік блудзіць паўночнай часінай...
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.