 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Ён пазнае душой людзкую кволасьць I творыць казку чараўнічых сноў. Таму ў яго пад колер струнаў волас I вусны выцьвілі ад сьпекі сьпеўных слоў. Зрывае дзед з цымбалаў гукі-звоны, Яны лятуць, як лісьце па вятры. На Беларусі зь песьняй плытагонаў Усе дарогі выхадзіў стары. Ён перажыў усіх цароў на сьвеце, Страхоцьце войнаў на сваёй зямлі, I павыросталі на славу дзеці, Дый за чужую славу паляглі. Але былі таксама – іх ня мала, – Што пралівалі за Радзіму кроў. Прызыўны голас дзедавых цымбалаў Зьвінеў магутна ў сэрцах змагароў. Іграў музыка ладна ў непагоды, Сьпяваў пра вёсны, вусны, маладосьць. I абуджаў лагоднае заўсёды, А да чужынцаў накіпала злосьць. Ня меў свабоды ён ад іх ніколі. Шукаў, пытаў – нічога не знайшоў. Глядзеў на ўсё зь нявычарпаным болем I піў ваду зь гліняных гладышоў. Суцішыў смагу з рэк Дняпра і Сожа, Дзьвіны і Нёмну, безьлічы крыніц. А ці душу пакрыўджаную зможа Ён перазвонам струнаў напаіць? Навокал людзі быццам скамянелі. Ці-ж будуць слухаць сьціплую ігру? А тут яшчэ і старасьць стогне ў целе, Ламае косьці ў золкую пару. Няўжо ляжыць жалоба на пачуцьцях, I ты адзін адкінуты людзьмі, Навошта думкі горкія снуюцца? Зайграй ты перамогу, загрымі! Яшчэ па струнах спрытна ходзяць рукі, Ты іх з цымбальнай радасьцю зрадні! I за табою пойдуць твае ўнукі, I загарацца восенскія дні. Няхай зямля абсыпаная лістам, I голы сад у холадзе заснуў. Ідзі ў жыцьцё вясёлым цымбалістам, Іграй пра ветласьць, вусны і вясну.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|