РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Выбраныя месцы зь ліставаньня Івана Жахлівага й Н. К. Крупскай

#1
Хто гэта ў фінскай глушы на балоце, прабач, на самоце,
    Воддаль ад блізкіх сяброў, ціха і проста жыве?
Ці ж гэта ты, ma chérie, сяброўка дзяцінства й юнацтва,
    Тая Надзея, зь якой разам вучыліся мы?
(Знаю, ты ў Смольным, а я ў Царскасельскім Ліцэі вучыўся.
    Ну, не крыўдуй, што з таго? Нельга і пажартаваць!)
Пэўна, сумуеш: даўно не было таварыскіх пасланьняў;
    Пэўна, пазнала мой стыль. Не памыляесься – я.
Маю надзею, што ты мяне зразумееш, Надзея,
    Што адгукнесься на мой прыхапкам складзены ліст,
Што да прызнаньняў маіх паставісься ты із спагадай,
    Не крытыкуючы шмат вершу слабога майго.
 
Цяжка ды вусьцішна мне ў славянскім братэрстве ўладарыць:
    Кожны славянскі народ сёньня – нібыта чужы.
Фін і тунгус, і калмык выракаюцца блізкасьці з намі,
    Больш не жадаючы чуць голасу роднай крыві.
Толькі адзіны народ майго не пакінуў дагэтуль –
    Гэта, сумневаў няма, твой шматпакутны народ.
Але нялёгка і зь ім, бо ёсьць яшчэ ворагі, Надзя,
    Радыя нас пасварыць ды разбурыць наш саюз.
Ворагам нумар адзін стаюцца кабеты: упарта
    Дзетак ня хочуць раджаць – узброеных сілаў аплот.
Я ім шматкротна казаў: раджайце, а мы дапаможам!
    Быццам ня чуюць – пайшлі ўсе намаганьні на глум.
Ёсьць яшчэ вораг другі – вэтэраны вайны: паміраюць,
    Вузячы сьмерцю сваёй кола надзейных сяброў.
Трэці мой вораг… лічы ворагамі ўсіх засталых,
    І не памылісься – ўсе скону чакаюць майго!
Веры ня варта даваць анікому, ды ўсё ж найгнюсьнейшы
    Вораг – нацдэмаўскі рух, поначы спаць не дае!
 
Гэтыя казаньнікі ўсе калябарацыяністы
    (“Казаньнік”, знаеш сама, – гэта ад слова “Казань”),
Наскую Русь прадалі, хаўрусуючы з ханам казанскім,
    Што незалежнасьць ад нас здраднікам паабяцаў.
Ды памыліліся зноў, пацярпеўшы на Волзе паразу:
    З кім не ўступай у хаўрус, а пераможа Масква!
Вось жа, ці варта з Масквою сварыцца? Мо лепш жыць у згодзе?
    Добра падумай. Адказ можаш даслаць мне лістом.
 
23 жахлівага 1552, Масква, Маўзалей

 

#2
Вечна жыві, валадар Вялікай, Малое ды Белай,
    Наскай зямлі камандзір, вельмішаноўны Янук!
Карэспандэнтка твая, нявартая царскае ласкі,
    Ліст атрымала і вось склала нарэшце адказ.
 
Перапрашаю найперш за колькасьць памылак: кампутар
    Покуль ня можа, на жаль, правапіс рэдагаваць
(Артаграфічны кантроль у маім “адзінаццатым вордзе”
    Для “тарашкевіцы” ёсьць, а для “наркамаўкі” – не);
Якасьць паперы і друк чорна-белы даруй, калі ласка;
    Выбач за вузкасьць палёў, за неразборлівы кегль
(Шмат апавесьці хачу, а паперы запас невялікі:
    Трэ берагчы, бо ізноў дрэвы шкадуе “грынпіс”!);
За эканомны рэжым пры друку вось гэтых бачынаў
    (Хутка ў краіне зусім зьнікне атрамант) прабач!
 
Толькі надзея жыве – працавацьмем і ў горшых варунках.
    Раны няўісьненых мрой загартавалі нам дух.
Зьзяе празь цемру й адчай нам памяць пра сьветлае Ўчора,
    Боскі агонь барацьбы ў роспачы грэе душу:
Зь ім прачынаемся, зь ім кладземся штоночы мы ў ложак,
    Нават у вусьцішных снох думаем пра Беларусь;
Зь ім умыкаем і зь ім вымыкаем штовечар кампутар,
    І, націскаючы “выкл”, згадваем пра ВКЛ!
Мусім вас перамагчы, але ж мы не бязглуздыя дзеці,
    Каб да пары адкрываць ворагу нашую моц.
Пільныя, будзем ад вас, як рэцэпт верасовага мёду,
    Тайную зброю хаваць – родную мову сваю!
Беце ж у сэрца мячом, чужынцамі быць не давайце,
    Кідайце нас у агонь ды аблівайце вадой
Нашыя целы ў мароз! Ня скорымся ды захварэем –
    Вам жа пасьля для ахвяр прыйдзецца лекі купляць!
Дык памятай, душагуб, пакараеш – рыхтуйся да помсты!
    Ледзь толькі пальцам кранеш… ледзь толькі… лепш не спрабуй!
 
8 зэкавіка 1937, фальварак Вязьні і К°

 

#3
Богу роўным станецца той сьмяротны,
Што будан сямейны з табой разьдзеліць,
Раявацьме поруч з такою порсткай,
    Палкай кабетай!
 
Твой пяшчотны голас пачуе зблізку,
Любы твар убачыць у сьне й наяве,
Лёгкае дыханьне па кроплі вып’е
    Ў цёмных прысадах!
 
Навярзе на вушка нясьціплых рэчаў,
А пасьля занурыць у пацалунках:
Пацалуеш раз, а юрлівым вуснам
    Хочацца болей…
 
Дай яму спазнаць і дабра, і ліха,
Дай яму сарваць незямное веды
З дрэва каталёгаў твае машыны
    З назваю “Apple”!..
 
Мушу скончыць ліст: пару пільных справаў
Маю вырашаць, а найперш – павешу
Ўсіх стральцоў. Чакаю твайго адказу.
    Ваня Жахлівы.
 
1 крэсавіка 598 (?) да н.э., выспа Віскас

 

#4
Не хвалюйся, Янук: сябра і мужа я
Ўсім на зайздрасьць знайшла (перадусім – табе).
Гарт прайшоўшы ў баёх, кулі і кайданы,
Ён – праўдзівы змагар, вонкава і ўнутры!
 
Вой, спартовец, мысьляр… цяжка й пералічыць;
Тройчы доктар навук быў бы, каб не царызм.
Шмат тамоў напісаў, ды напісаць яшчэ
Можа – толькі скажы! Ён у мяне такі!
 
Розум бачыш ва ўсім – лысіна да вусоў
Стала сымбалем для ворагаў і сяброў.
Бацька простым людзём, мсьціўца за свой народ,
Што цярпеў ад паноў, потым – ад спадароў!
 
Трывалейшы за сьпіж гойстрых тваіх сякер,
Трывалейшы за медзь дробных тваіх манэт!
Мо і сьмешны камусь, ды зразумела ўсім:
Льга сьмяяцца зь яго – цяжка перамагчы!
 
9 страўня 25 да н.э., Капытоль

 

#5
Мір табе, жэншчына-вамп, дыстрыбутар чужое харызмы!
    Salve, сяброўка чужых дзён і суворых начэй!
Мужа твайго пачытаў: стары Крупскі амаль бездакорны.
    Спрактыкаванай рукі ўгледзіш адбітак ва ўсім.
Працы, нібыта сады, красуюць рыторыкай цуднай:
    Кожны чарговы абзац, ведаеш, – поўны абзац!
Слова – пялёстак, а сказ – нібы кветкаю водар струменіць,
    Тэзы і ў лютым цьвітуць, бы на дварэ красавік!
Рацыю мае заўжды, як і стос нелегальных газэтаў,
    Што кантрабандаю ў Менск возіць злачынец-габрэй
Мытнікам наперакор; дый з мытняю нешта ня тое,
    Калі службовец яе прозьвішча носіць Русо!
Зрэшты, навошта казаць пра мытню? Усё ў заняпадзе!
    Так, для краіны маёй – выпрабаваньняў часы!
Дрэнная спадчына нам дасталася ад ветраных продкаў,
    Што марнатраўна жылі і рабавалі зямлю:
Глебу, паветра, ваду, карысныя выкапні, багны,
    Дрэвы, хмызы і траву, птушак і свойскіх жывёл,
Станцыі і цягнікі, масты, самалёты і танкі,
    Карнікаў і партызан, вёсачкі і гарады,
Помнікі, сквэры, сады, прыбіральні і бібліятэкі,
    Лазьні, музэі, кіно, шапікі і кірмашы –
Зьнішчылі ўсё, і цяпер нам не засталося нічога.
    Як жа дзяржавай такой, людам такім кіраваць?
Да пабачэньня, сястра па крыві! Сужанцу прывітаньне!
    Хай ён краінай сваёй правіць ня горш ад мяне!
 
22 чэргеня 1994, Пляўкі

 

#6
Дзякуй за ласку, Янук, за клопат пра наскія лёсы!
    Не дачакаесься – шчэ, дзякаваць Богу, жывем:
Хоць і ў падмосьці, але ж – на рэшткі гішпанскага гранту;
    Трохі з Ізраілю шле сябра наш, новы габрэй.
Ёсьць яшчэ шэлег-другі ў сямейнай скарбонцы, і можна
    Нам спадзявацца, пакуль дыхае спонсар-другі!
Мой сужанец не дурны, бо ведае добра, зь якога
    “Сораса” вершы растуць дзяржвыдавецтвам на злосьць.
Доступам у “Інтэрнэт” і сканэрам, і факс-мадэмам
    Ён свой працоўны будан абсталяваў пакрысе,
Ператварыўшы Разьліў у друкарню нацдэмаўскай прэсы, –
    Мроіць, што некалі ў нас зь яскаркі ўспыхне агонь.
Ведае, як захапіць у краіне чацьвертую ўладу,
    І неўзабаве ўвесь друк будзе трымаць у руках:
“Нашую Ніву” й “Архэ”, “Крыніцу”, “Навінкі” і “Вулей”,
    “Полымя”, “ЛіМ”, “Першацьвет”, “Вожык”, “Славянскій набат”,
“Юманітэ”, “Нью-Ёрк Таймс”, “Маскоўскія новасьці”, “Шпігель”,
    “Таймс”, “Фігаро” і “Плэйбой”, “Монд” і “Вястун БДУ”…
Процьму выданьняў яшчэ неўзабаве паўсюдна захопіць.
    Будзе занятак рукам – стосы паперы трымаць!
Заўтра – падшыўкі газэт, пазаўтра – вярхоўную ўладу!
    Веру, таварыш Янук: прыйдзе нарэшце пара
Браць тэлеграф, тэлефон, тэлебачаньне з тэлемастамі,
    Банкі, казармы, мэтро, фабрыкі і казыно,
Крамы, гатэлі, бістро, цырульні, малельні, патэльні,
    Турмы, архіў КДБ і пастарункі ДАІ,
Помнікі, сквэры, сады, прыбіральні і бібліятэкі,
    Лазьні, музэі, кіно, шапікі і кірмашы,
Станцыі і цягнікі, масты, самалёты і танкі,
    Карнікаў і партызан, вёсачкі і гарады,
Глебу, паветра, ваду, карысныя выкапні, багны,
    Дрэвы, хмызы і траву, птушак і свойскіх жывёл –
Возьмем усё! Толькі вас, крыважэрцаў праклятых, ня возьмем!
    Нат не прасеце!..
 
7 глістапада 2017, Сьвенск-Вялікалітоўскі
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.