РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беларускiя лiмэрыкi
Шматпакутная дзеўка з Багданава
За расейца выходзiць бясштаннага.
Нават мае пасаг,
Ды жанiх у трусах
Патрабуе выключна прыданага.
 
Нiмфаманка-юрлiвiца з Зэльвы
Стрэла малпу-самца сярод сэльвы.
Ледзь зрабiла аванс,
Ён прывёў яе ў транс
Запытаньнем: "Цi мадмуазэль вы?"
 
Сьпеваку i музыку з Залесься
Падабалiся "Ластаўкi ў стрэсе".
Толькi браў рэ дыез,
Як у ластавак - стрэс,
І сьпявак - пры сваiм iнтарэсе.
 
Пасьлядоўнiцы Фройда з-пад Солаў
На фалiчнай сымболiцы голаў
Перамкнула - штоноч
Шпацыруе наўзбоч
Голых лiп i гатычных касьцёлаў.
 
Вiртуоз-арганiстa ў Барунах
Заснаваў школу танцаў на трунах.
Зарабляючы хлеб,
Водзіць вучняў у склеп
Граць на нэрвах, нiбыта на струнах.
 
Пераборлівы вязень з Кармы
Ні бананаў ня еў, ні хурмы.
Толькі ціхую скаргу,
Што на бульбу - эмбарга,
Слаў дадому з кубінскай турмы.
 
Вершатворца з Давыд-Гарадку
Мае прынцып: "У дзень па радку".
Сёньня вершык напіша,
Заўтра - сьпіч пра "Ўзвышша",
А шансон пасьлязаўтра - "братку".
 
Піянэр Усяслаў з Гарадзеі
Кажа маці: "Пайду ў чарадзеі!
Усяго акрамя,
Мілагучнае ймя
Даць гарэліцы маю надзею!"
 
Падрывальнік мастоў з-пад Мастоў
Абмінуў дзесяць тысяч пастоў...
Выбух чулі здаля!..
Гэта што! Ён пасьля
Разаслаў дзесяць тысяч лістоў...
 
Камсамольскі важак з Мазыра
Піва выжлукціць мог паўвядра,
А сябрук-піянэр
На шляхетны манер
Заліваў за каўнер паўтара.
 
Эканомнай паненцы з Татаркі
Даспадобы адно перастаркі,
Бо калі з маладым
Накахаешся ў дым, -
Сіл ня хопіць глядзець гаспадарку.
 
Валацуга і вісус з-пад Глуску
Маладую кахаў андалузку.
Да карыды прывык,
Дзе, шалёны, як бык,
Рваў зь дзяўчыны чырвоную блюзку.
 
Знакаміты мастак у Бабры
Маляваў на ўсялякім дабры -
Дзе падкажа парыў.
Нават жонку тварыў,
Нібы продак, на ўласным рабры.
 
Прыгажуні з далёкіх Ждановіч
Спадабаўся Андрэй Хадановіч.
Тоне ўся ў пачуцьці...
Цяжка выйсьце знайсьці,
Ды няма безвыходных становішч.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.