РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аповесьць пра сапраўднага чужынца

Я чужынец, які забівае раба…
#З пэўнага няўісьненага верша

 
Я насамрэч чужаніца й нішто насамрэчна-чужынскае мне не чужое,
ненасамрэчна-чужынскае ці насамрэч-нечужынскае ўжо я,
нібы раба, забіваю на пляжы і, быццам араба, зь сябе выціскаю па кроплі,
каб, стаючыся напраўду чужынцам ад капелюша да абцаса пантоплі,
з гонарам вымавіць: так, насампраўдзе я ўжо наўсуцэль чужаніца,
бацька і маці таксама чужынцы, чужынка мая сужаніца,
сёстры й браты, і стрыечны пляменьнік, бабуля, і дзеці, і ўнукі,
і ненароджаны праўнук ім зробіцца без аніякай прынукі,
і спадкаемцы-нашчадкі, наступнікі покуль ня страцілі шанец –
кожны – прынамсі аднойчы – адчуе, што ён натуральны чужáнец
(перапрашаю, чужынец), адчуе любою сваёю чужынскай вантробай,
кожнай чужынскай душэўнаю фібрай адчуе, што ён тут – пабочнай асобай,
ён тут сугней на самоце, мармоль у маркоце, закладнік такіх жа,
як сам ён, дзікунак:
гэткія дзеўчыны не пакладуць ні жыцьця, ні каханьня
на ўласны швайцарскі рахунак
сына сваіх марнатраўных бацькоў і намарна пусканага часу –
часу зацятых і палкіх чужынцаў, тае неўтаймоўнае, дзікае расы,
што аніколі ня будзе празь верных насьледнікаў, собскіх сыноў пераймацца
(хай ужо тыя насьледуюць і пераймаюць, калі не лякаюцца марнае працы!),
што прыбірае відзежы ў ядваб, аздабляе фантомы каштоўным каменьнем
і, імкнучы ў безназоўнай цямрэчы за пекным жаночым найменьнем,
кожнае ночы палюе на любасьць і песьціць запал запаволенай міны,
кожнага дня захлынаецца мрояй пра тое, чаго не было, але так, быццам проста
гартае ўспаміны,
кожнага вечара ведае праўду, а зраньня ізноў дае веры – канец выдае на
пачатак!
(мова мяне выдае, пане Фройдзе!) – канечне, ізноў памыляецца – дурань! Ніякі
ты мой не нашчадак! –
я ў тваім веку таксама жанчын унікаў, але гэта былі насамперш прыгажуні,
а, па-другое, сапраўдныя дзеўчыны, а не фантомы ўяўленьня –
шальбера й шыбуні:
калі ўжо грэбаваць, дык найпякнейшаю ў сьвеце істотай,
каб, карыстаючы з добрай нагоды ўглядзецца ў суладную нагасьць і ўчуць
п’яны водар лістоты,
бачыць ня плоць алімпійскай красуні, бо нат багавіца чужынцу ня роўня,
а звычайнейшыя грудзі і сьпіны, і шыі, і рукі, і ногі ў мужчынскай пароўні
(зрэшты, у сьвеце празрыстых фіранак, дзе дома і сьцены віжуюць, за сьценамі
ж – блазны і вязьні,
найпрыдатнейшае сховішча – ў пары расійскае лазьні!).
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.