РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Canto
Суцэльная цемра – хоць выкалі вока навокал.
Ня ўгледзіш людзей, камяніцаў – нічога навогул.
Прыступнае вуху стварае далёкае водгульле
таго, што для наскага зроку няўгледнае ўвогуле.
Знадворнае цемрадзі чмур атачае крывізны:
мурынкаю ў чорных панчохах і з чорнай бялізнай
на пругкіх прывабнасьцях (звыклых, штоночных, спрыкрэлых!)
згушчаюцца гукі гурмою на хісткіх арэлях –
на гушкалцы словаў, у рухах хістальніка фразаў…
Абынач туга за абэцэдай месячных фазаў:
ні коўш-маладзік, ані поўня-малочная студня
няўгледныя сёньня, нябачныя ў сьвятдні і будні
нікому й нідзе, бы ніколі ўгары й не было
апукі паветранай, што адбівае сьвятло,
шпурляючы кроплямі зоры, нібыта вясло,
якія ад нас крумкача засланіла крыло,
па ночнай красе нам пакінуўшы тхліну і тло,
нябеснаму сонечніку прыламаўшы сьцябло,
каб сьвет пакаціўся бярвеньнем, згубіўшы шуло,
туды, дзе шыбуня, махляр, балбатун, памяло,
што, сеўшы на зэдлік, Пэгаса загнаў пад сядло,
асадку трымаючы моцна, як быццам кайло,
на шыбіну гледзячы – чорнае ночнае шкло,
нібы да Гадэсу нясе залатое жазло
(лірычны вулькан расчыняе сваё жарало,
каб выбухнуць ляваю – рымам чарговым на “ло”:
ён іх нагрувашчвае ў содні, лічы, паўкіло –
“Пятнаццатая!” – будзе шчэ! – ўсім паэтам назло
чарговы рэкорд зафіксуе папера-табло!),
сядзіць на варыльні, ад бессані змучаны Аргус,
пільнуе натхненьне, на свой касавурыцца аркуш:
яму, аркушэру й асадніку, льга спрабаваць
атрамантам сьвет зруйнаваны адрамантаваць,
і вось – ён гатуе чарговы няўежны тэрцэт,
паэт-вычварэнец, эпохі камічны фальцэт.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.