Перайшло, мінула, Што калісь жыло, Ў курганох заснула, Зельлем зарасло. Пад магіл навалай Дрэме Русь, Літва, – За той тая з хвалай Легла галава. Не гудзе ў павазе Голас вечавы, Не шукаюць князі Славы і бітвы. Войска Усяслава Не ідзе ў паход На той бой крывавы За свой край, народ. Сьцены і запоры Палачан, Мянчан Леглі у разоры Зможаных палян. Ні сьвятых дуброваў, Зьніч пайшоў з вадой; Загасьціў лад новы, Ды ня той, ня свой. Слых адно праходзе Калі-нікалі У жывым народзе, На жывой зямлі. Баіць, гнучы шыі, Паднявольны люд: Мы ў сваім чужыя, – Край забраны тут! Так прайшло, мінула, Што калісь жыло, Ў курганох заснула, Зельлем зарасло.
[1909]
|
|