 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Пасланьне да беларускага пошт-мадэрнiста
|
Слухаў нязмоўчны я гук лацiнскае боскае мовы, Хлопца насатага цень сэрцам зьбянтэжаным чуў. Стала зайздросна: чаму я так не магу? Паспрабую Я гэтаксама пяяць – мо не такi ўжо й вярблюд? Ведаю бо альфабэт, бо я гэтаксама пiсьменны, Бо гэтаксама магу стылем узьнёслым пiсаць! Ведаю тэрмiнаў шмат: я з мэтадам творчым знаёмы, I пра кiрункi, i пра плынi я маю паймо! Ведаю рымскiх сяброў, японскiх... Дарэчы, з табою Зьвёў я знаёмства. Чаму ж не напiсаць да сяброў?.. Склалася ўражаньне, што я ўжо дзесяць дзён у Варшаве; Так мне, прынамсi, давёў шэраг тыповых прыкмет. Першае: ямнiкаў больш за вельмi прыстойную колькасьць Ямаў, а звыклых катоў, як падаецца, няма. I па-другое: вакол сустракаю нязвыклыя шыльды Зь лiтарай „эр” замест „пэ” ў слове „аптэка” празь „е”. Як у сталiцы – Маскве , i што за навiны даходзяць З пэўным спазьненьнем да вас, у места губэрнскае М.? Тут я сустрэўся зь дзьвюма маскоўскiмi паннамi: ў польскай Чуюцца праз МДУ лепш за мяне, дый нашмат. Але апошнiя днi па цэнтры амаль не сумую: З чым не знаёмы я там? Звыклых зьдзяйсьненьняў хада! Калi пашчасьцiла ўжо ў iмпэрыi нам нарадзiцца – Лепш у правiнцыi жыць, тут альбо ў горадзе М... З мораку, як мае быць, прыгожая выйшла паненка, З пальцамi, як мае быць. Я ў ёй Аўрору пазнаў Па характэрнай крывi на яе пурпуровых пазногцях: Звычка прывабных дзяўчат – ладзiць сабе манiкюр... Перарываюся: трэ да тутэйшага бегчы „АВIДу”, Каб неабходны мне штамп пашпарт мой не абмiнуў... Твор свой апошнi стварыў: у апытальнiку без выключэньняў, Быццам на споведзi, я шчыра на усё адказаў. Добра цяпер на душы – сабе я сумленьне палегчыў, Ведаю, хто я, адкуль, што мне належыць рабiць. Час свой марную цяпер у чарзе па часовую вiзу, Нават праз тыдзень якi маю яе атрымаць. Так што я сёньня, на жаль, пачуваюся быццам удома; Сумна сьцьвярджаць, але факт: розьнiцы я не адчуў. Некалькi сьцiплых заўваг зраблю я наконт лiставаньня: Спадчыньнiк рымскiх лiстоў, не прафануй гэты жанр! Каб па амбiтных belles-lettres мы не атрымалi lettre morte, Трэба ў прыватных лiстох камэнтароў унікаць. Твой „ex infernis” – амаль што „на вёску да пэўнага дзеда”: Хочаш адказ атрымаць – адрас зваротны пакiнь! А рэпартажы зь пятлёй на шыi, з-пад шыбенiц пiсьмы Твой папярэднiк табе ў горшых варунках складаў. Для разьвiтаньня ізь сябрам (сяброўкаю?) меў ён падставы: Дыскурс i ўласная сьмерць там азначалi адно. Колькi нашчадкаў яшчэ ў сваiх тэстамэнтах ты ўспомнiш? Колькi апошнiх „бывай” кiнеш сябром ты яшчэ? Раз непазьбежна, што тэкст – адно рыхтаваньне да сьмерцi, – Ў лялечны Тартар iдзi, нiбы праўдзiвы Арфэй!.. I па-апошняе: ёсьць недарэчнасьцi ў вершаскладаньнi. Гучны пэнтамэтар наш, барбар, навошта псуеш?! Страцiў павагу зусiм да скарбнiцы нашай культуры! Лепш ужо рымы ўжывай, калi сумленьня нямаш! Лепш раскажы пра таго багатадазнанага мужа, Што аднавiў гарады: Трою, Пэргам, Iлiён! Так будаваў, што цяпер усё гэта зноў не разбурыць Шлiман цi iншы габрэй! Aere perennius, дык! Пра будаўнiцтва калён, пiрамiд, бабiлёнскае вежы Апавядзi мне ў лiсьце. Да будаўнiчых работ Меў я цiкавасьць заўжды, стаць дойлiдам марыў зь дзяцiнства: Лепш за руiны дамы, бо не страляюць ва ўпор!.. Бачу знаёмы я твар: Аўрора iдзе з манiкюрам. Цэлыя соднi прайшлi, покуль пасланьне пісаў. Мне засталося дадаць: Carthaginem esse delendam! I праз чатыры гады тут расьцьвiце горад-сад!
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|