 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Калі прачынаешся зранку, Упэўніся, што жывы: Крыху адшморгні фіранку. (Не выхіляй галавы!) Угледзеш тую ж макабру І тую ж адчуеш млосьць — Вось довад, што ты, мой сябру, Дагэтуль на сьвеце ёсьць. Шчэ дзень у нябыту выкраў — Змагайся ж, такі закон! Каб потым было ня прыкра За марна пазбыты скон. Жыві, колькі стане сілаў. (Жыцьцё — вялікі прыкол!) Нічым ня крыўдзі дэбілаў, Што мірна жывуць вакол. Цэфалам (макра і мікра) Ня тыцкай у нос буквар, Каб потым было ня прыкра За марна разьбіты твар! Разьбілі — ня трэба енку: Згадай хрысьціянскіх сьвятых, Падстаў другую пашчэнку — І раптам шваргні пад дых!.. Красуні ў калготах зь лікры Рашуча скажы: “Сыходзь!”, Каб потым было ня прыкра Лячыць сапсутую плоць! Мы ў гэтым жыцьці — навабранцы, Гарматнага мяса шматок: Пойдзеш налева — пранцы, Наўпрост — электрычны ток, Направа — шчэрыць яхідна Іклы табе напаказ. Каб потым было не агідна Ўдыхаць атручаны газ, Вучыся расейскага мату, Ня еж на людзях мацы, Трымай у піўніцы гармату І гаўбіцу — на гаўбцы. Знадворку чыняць такое, Што цяжка ўявіць, — няхай! Схавайся ў сваім пакоі, Стаі дыханьне й чакай. Бо прыйдзе міг адмысловы, Натхненьня павеў ляткі, — Складацьмем вольныя словы Ў нязмушаныя радкі. Пяяцьмем вясны, каханьня Й паэзіі вечны хаўрус. Давай, кастальскі пахане, Палохай цнатлівых Муз! Шукацьмем свае сугуччы У прыцемках нас саміх, Каб потым ня стала балюча За марна страчаны міг.
20.VIII.2001.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|