РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Дзьве лыжкі солі на шклянку цёплага мора,
Якое цячэ з валасоў і на твары ня стыне.
Ляціш празь мяжу на сустрэчу са сьветлым tomorrow
І ўпадаеш у мора ў раёне Гданьску і Гдыні.
 
Вільготны вецер зранку мазгі прамывае.
Зьвіліны вашых маршрутаў — на гданьскіх мапах.
Міма цябе пралятаюць аблокі, птушкі, трамваі,
Караблі з Вэстэрплятэ і электрычкі на Мальбарк.
 
Вучыш замежныя мовы па караоке.
Джаз-фэстывалі чаек на молах і пірсах.
Кожная дзеўка — анёл, найчасьцей — каравокі.
На языках без касьцей сустракаецца пірсінг.
 
У плянэтарыі сьпіш пад коўдрай Вялікай Мядзьведзіцы,
І загараеш пад хмарным небам на злосьць прагнозам;
Істота, якая здалёк чырвонаю скураю сьвеціцца,
Выкладчык Ліцэю, паэт з абгарэлым носам.
 
А потым дашлеш па пошце альбо напішаш у посьце
Верш-апраўданьне, сам сабе абаронца,
Што ты тут паводзіўся, як і належыць госьцю —
Не згараў на буйках і не заплываў за сонца.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.