РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дарога
Шляхі вялі, гулі, плылі...
Дзе толькі ні насіла
Мяне па глобусе Зямлі
Дапытлівасьці сіла.
 
Сваёй мяцежнасьцю скарыў
Натхненьня геній сьмелы:
Антычных гарадоў муры,
Сікстынская капэла.
 
Запамінала ўсё душа,
І ёй было не посна –
Нямецкі грунт, французскі шарм,
Амэрыканскі поступ.
 
А ў сэрца наплывала шыр,
Сама, нібыта дзіва.
Карпаты, Альпы і Памір –
Паўсюль нага хадзіла.
 
Быў пада мною акіян,
Было рыгво вулкана.
Сьвет раскаціўся, як дыван,
Дарогаю сатканы.
 
Дарога падвышае дух,
Бадзёрыць, а найболей
Я ўпадабаў вандроўны рух
За адчуваньне волі.
 
Той час хаваецца ў смузе,
Хоць помніцца заўсёды.
А конік крэўнасьці вязе
Мяне да несвабоды.
 
Яна зыходзіць ад бяроз,
Ад студні нізкаватай,
Ад дажджавых халодных сьлёз
На шыбах сумнай хаты.
 
Ёсьць на Зямлі такі куток,
Які адсуне ўсё набок,
І там мая дарога,
Як пёс, скруцілася ў клубок
І сьпіць каля парога.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.