Вось і карчомка – Вясёлы наш край! Жыва, гэй, Шлёмка, Гарэлкі давай! Што там марудзіш Ты, гэткі, такі? Ў крыўдзе ня будзеш, Як п’юць бедакі! Наша багацьце Нямоцна ні ў чым, – Грошы ня хваце – Заставу дадзім. Толькі нам водкі Давай, не жалей! Век наш кароткі, Зато п’ём часьцей. Дарма мы рвёмся Нядолю змагаць, – Водкі нап’ёмся, I гора ня знаць. Там каля хатаў Плач ходзіць зь бядой... Менск наш багаты – Ён збавіць, як стой. Возік каменьняў – Тры злоты ўжо ёсьць, Воз дроў, паленьняў – Рубельчык – як госьць. Вось і няскупа Ўскашэліцца голь, – Ёсьць штось на крупы, А трохі на соль! Рэштку ў сівусе Мы ўтопім навек; З чаркай, з Марусяй Вясёл чалавек. П’ём водку, браце, П’ём ня ’бы як, – Мей больш багацьця – Пілі бы ня так. Жыва ж, гэй, Шлёмка, Гарэлку стаўляй, Чаркай ды ёмкай Ты нас надзяляй! Весела, гучна Час будзе ляцець, Будзем піць дружна I песенькі пець. Ночка за чаркай Пяройдзе, як стой, Раніца ярка Зардзіць над зямлёй. Дымкай чырвонай Зара замігціць, Чарку чароўна Сьвятло развагніць.
1906
|
|