 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Па чужых узорах
|
Лірычныя мініяцюры ў жанры «танка»
|
* * * Трыццаць адзін склад Уціснуць у пяць радкоў Строга па схеме: Пяць-сем-пяць-сем-сем, — і ўсё! Вось вам, сябры, і «танка». * * * Ёсьць водападзел Рэчак і рэк на зямлі — Воля прыроды! А ёсьць і водападзел Душ. Чыя ж бы тут воля? * * * Якая цяплынь — Якраз пасярод зімы! Выйшаў на ганак — І здалося: дыханьне Адталай ральлі пачуў. * * * Зноў быў навёў я Ідэальны парадак На сваім стале — І зноў, дзякаваць Богу, Перамагае жыцьцё. * * * Сэрца не здрахла — Яму не даюць драхлець Добрыя людзі: Раняць і раняць яго. Дык мабілізуецца! * * * Як засьпяваў ён — Раптам, на сьцежцы лясной, Летнім сьвітанкам! Адкуль жа трэба ісьці, Каб гэтак шчасьліва пець? * * * Падалі адвар. Водар — родны, а чаго — Пазнаць не магу. Ці не гэта і ёсьць лёс Беларускай культуры? * * * Сьмецьце ў космасе Носіцца па арбітах — Абломкі ракет... Гляджу ў сінь нябёс: ну й ну! І там насьмецілі ўжо! * * * Самы высокі І самы белы касьцёл — Наш быў, у Гайне. Заглянеце мне ў душу — Пераканаецеся. * * * Так страшна ўявіць, Колькі я дам аднойчы Клопату родным, — Што хай бы я ўлёгся лепш Дзесь у брацкай магіле. * * * Да дзеда ў госьці З мамай ідзем — ірвуся Наперад хутчэй, — Знаю: за трэцяй гарой Будзе дзедава вёска. * * * А быў жа ён — час, Калі мне здаваліся: Рачулка — ракой, Пагорачкі — горамі, Дзедава слова — Божым. * * * Белая поўня. Белы сувой дарогі. Хутка і дома! Камашы ў адной руцэ, Куфэрак кніг — у другой. * * * «Любіць — не любіць...» Помню, абшчыпваў і я Белы рамонак. Забава, а як хацеў Скончыць пялёсткам «любіць»! * * * Сон, а забыцца Не хоча. Дзіўная рэч: Праходзяць гады, А ён, той сон пра яе, Не-не ды і ўспомніцца. * * * Старыя кнігі... Наважыў збыць — і не змог: У кожнай — знакі Алоўка... Вешкі пуцін, Якімі ішла душа. * * * Праз колькі гадоў Унук мой будзе юнак, І нейкі мардач Пагоніць яго ў Чачню... Лепш сёньня загіну я!.. * * * Перад канчынай Бацька мне скрушна сказаў: «Вось, паміраю, А тых, з кімі ўсё жыцьцё Змагаўся, стала шчэ больш...» * * * Як добра было б, Каб зьнік страшны цень вайны, Каб рунь ажыла, І каб шпакі занялі Домік, што я ім зрабіў! * * * Родныя гукі... З гукаў — родныя словы... Са словаў — песьні, Казкі, паэмы, драмы, Жыцьцё, Радзіма, Народ.
2003, студзень-сакавік.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|