РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Шуман»
Зь віленскіх абразоў
Ці то летам, ці зімою
Сып да «Шумана», друг мой! –
Там расстанецца з нудою,
Хто з кішэняй непустой.
            «Шуман» – Вільні кроў і косьць,
            Быў і будзе, як і ёсьць.
 
Рэжа музыка ахвоча,
Песьні, гоман – заадно,
Страва, карты, хто што хоча,
Льецца рэчкаю віно.
            «Шуман» – Вільні кроў і косьць,
            Быў і будзе, як і ёсьць.
 
Там сабой таргуюць дзеўкі.
Бацька, сын купляе іх;
Там хватаныя капейкі
Пераводзяцца уміг.
            «Шуман» – Вільні кроў і косьць,
            Быў і будзе, як і ёсьць.
 
Цешся, горад! Што там знача
Вёска з голадам, зь бядой?
Хтось там стогне, хтось там плача –
Плюй, махай на ўсё рукой!
            «Шуман» – Вільні кроў і косьць,
            Быў і будзе, як і ёсьць.
 
Хто ў казіны рог ня зьехаў,
Хто з сумленьнем – справу знай:
Гэй, да «Шумана» на ўцеху –
Ўтапіць долю, славу, край!
            «Шуман» – Вільні кроў і косьць,
            Быў і будзе, як і ёсьць.
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.