РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мой пагляд і мэта
З прыпевак тутэйшага
Я па закону і па веры
Ганю свой быт паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
 
Таму я – кум, таму я – сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Да гаспадаркі маю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо’ й ня так, як глянуць збоку,
Але я дзьму на ўсё ў дуду...
 
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад –
Ня бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Я к працы здатны і ахвочы –
З гультайствам дружбы не вяду;
Натое Бог дзянёк рабочы
Даў чалавеку на раду;
 
Тры ж дні якія ў тыдзень сьвят
Прасьвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Жыву з суседзьмі па-суседску, –
Пакорны згоды я слуга;
Ня быць нікому ў воку рэдзькай
Я век стараюсь як мага.
 
Які ж «на козыр» возьме «гад» –
Дзяржу ў руках кол ёмка я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Зладзейства – крый ты мяне Божа,
Каб я зрабіў... ражон мне ў бок!
Каня ж напасьціць чужым збожжам,
У панскім лесе сьсеч дубок,
 
Сянца напхаці панарад –
Яшчэ згаджуся з гэтым я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Зьдзірач, працэнтнік, ліхаімца –
Ў мяне такі не чалавек;
Я сам з другімі рад дзяліцца,
Але ўсё ў меру, як той лек:
 
Ніколі больш як «пяцьдзесят
За сто» і ўзяць ня сьмею я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Я п’янства, п’яніц прост ня зношу:
Іх вораг – я, яны – мае;
Калі ж сусед мне скажа: «проша»
I чарку ставіць на стале,
 
Ўступаю просьбам, рад ня рад.
Што ж? – дзьве-тры чаркі – ня хвор я...
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

На пана, жыда і на чына
Ня маю ласкі ні крыхі;
Хоць перад першым сагнуць сьпіну,
З другім гешэфцік завясьці,
 
А з трэйцім знаць ў хабарах лад –
Не ад таго падчас і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Як людзі добрыя, навукі
Я з малку дзён пакаштаваў
I расьпішуся без прынукі,
Сынка ж у школу не даваў.
 
Дзед без навукі жыў лет шмат,
I сыну ж тое дзяўблю я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Люблю чытаць я і газэты:
Як, дзе, што – ведаці люблю;
Сякі-такі толк знаю ў гэтым –
Купляць жа – дык не прызнаю...
 
Сусед пазычыць яе рад,
Чытаць за «дзякуй» ласкаў я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Знаём з расейскай, з польскай мовай;
Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,
Хаця ня зрокся і «вясковай» –
«Папросту» з «простым» гавару.
 
Зь яе ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
*

Так па закону і па веры
Ганю свой век паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
 
Таму я – кум, таму я – сват,
Той мне, таму штось вінен я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.