РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хлеб
Мы і з сошкай ішлі, і з баронкай ішлі
Заслужыцца на ласку ў цябе,
I гной везьлі, трасьлі на пусьцейшай ральлі –
Сеяць шлі аж па трэцяй арбе.
 
I сьвянцілі цябе, ідучы засяваць,
Выбіралі к сяўбе лепшы дзень,
А на лета цябе ўсёй сям’ёй шлі зьбіраць,
Сьцераглі хмары, ўбачыўшы цень.
 
У калядны ж мароз, як шум дзікай зімы,
Слаў пракляцьце і нам, і жыцьцю,
Шлі, ня гледзя на ўсё, на ток досьвіткам мы,
Шлі з цапамі па плату сваю.
 
I ўсё шчыра табе паслугоўвалі так,
Каб на воку нас, бедных, ты меў...
А ты што нам зрабіў, адплаціўся ты як?
Ці ты нас хаця чуць пажалеў?
 
За наш труд над табой, за пот, кроў над табой,
Як прыйшлося ды легчы на стол, –
Ты спынуўся ад нас за дзесятай гарой,
Ты счураўся замучаных сёл.
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.