РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На службе
Эх, праклятая доля мая,
Ненавісная служба – прыгон!
Смокча кроў зь мяне пан, як зьмяя,
Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон.
 
За ліхую заплату з душой
Маю радасьць, быдлё, абакраў,
І, ў палон мяне звабіўшы свой,
Крыві мала – жыцьцё б адабраў.
 
Ці нядзелька, ці сьвята мне ёсьць,
Ці як людзі гуляў я калі,
Ці ў мяне пагасьціў добры госьць,
Ці мне добрае слоўца далі?
 
А ня зь дзерава сэрца маё,
Не вада ў маіх жылах плыве,
Мае вочы і твар не трухлё,
Замест дум не смяцьцё ў галаве.
 
Як і людзі, хацеў бы я так
Пагуляць, на бяседзе пабыць,
Пасьпяваць аб жыцьці небарак
І зь дзяўчынай-красой падружыць.
 
Ды праклятая доля мая,
Ненавісная служба – прыгон!
Смокча кроў зь мяне пан, як зьмяя,
Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон,
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.