РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я ад вас далёка...
Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, –
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня,
      Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
      Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,
      Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі -
      Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
 
Я ад вас далёка... скажуць гэтак людзі...
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
      І паняў хто шчыра той агонь і мора,
      Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;
      Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
      Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі.
 
Я ад вас далёка... А дзе ні гляджу я –
Дома толькі думка днюе і начуе;
      Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
      Знаю толькі рэчку – з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, –
      Што мне замянілі б хату і бярозкі,
      Хату і бярозкі беларускай вёскі?..
 
Я ад вас далека... Дзеліць нас паўсьвета, –
А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;
      Чую з вамі ўвосень непагоды песьню,
      Цешуся з праталін вольнага прадвесьня,
І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, -
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
      З выраю як толькі сустракаю гусі,
      Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
 
Я ад вас далёка... Жыву між чужымі,
Чую ж вашы песьні, – водклік шлю сваімі;
      Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
      Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,
      Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
      Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
 
Я ад вас далёка... Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы, –
      Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:
      Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, –
Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца
      І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
      Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.