РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Думкі перад вясною
Штодзень вышэй, штодзень цяплей
Глядзіць з-пад неба сонца нам,
Сплывае радасьць да людзей,
Чуваць і песьні там ды сям.
 
Вяселіць сонца цэлы сьвет
Надзеяй блізкае вясны,
Зь якой зімы загіне сьлед,
Зямелька скіне свае сны.
 
Зазелянее лес і лог,
Забурліць звонка ручаёк,
Па вёсках возьмуцца да сох,
Задзьме ў жалейку пастушок.
 
Так будзе блогасна усім,
Надзеі поўны ўсе такой...
А мне ж і думачкам маім
Чаму так смутна, браце мой?
 
Чаму так сэрца мне баліць,
Маркотна чахну наяву;
Як той канюх галосіць «піць!»,
Так – шчасьця! Шчасьця! я заву.
 
Марнее моладасьць мая
У беспрытульлі, ў беднаце,
Нуда – нямручая зьмяя –
Дух мучыць, а бяда гняце.
 
І жудка мне, хоць і вясна
Ўжо да людзей зь цяплом ідзе;
Як бы пустынь вакол адна,
Ня чуць прывету ад людзей.
 
Гэй, хіба ты, мой цёмны бор,
Мой зразумееш боль і жаль
I шумам гулкім аж да зор
Ускалыхнеш прыспану даль.
 
Гэй, хіба вы, зоркі мае,
Заглянеце ў душу маю
I далям скажаце, як мне
Жыць трудна, як горка цярплю.
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.