Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, Расьпетаю буду маліцца душой, Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй. Я буду маліцца да яснага сонейка, Няшчасных зімой саграваць сірацін, Прыветна па збожных гуляючы гонейках, Часьцей заглядаці да цёмных хацін. Я буду маліцца да хмараў з грымотамі, Што дзіка над намі гуляюць ня раз, Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі, Градоў, перуноў не ссылалі падчас. Я буду маліцца да зорак і жаліцца, Што гасяць сябе надта часта яны, Бо чуў, як якая зь неба зь іх зваліцца, З жыцьця хтось сыходзе на вечныя сны. Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю, Каб лепшаю ўродай плаціла за труд, Збагаціла сельскую хату пахілую, Надзеі збытымі убачыў наш люд. Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, Расьпетаю буду маліцца душой, Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі Ня вылі над роднай зямлёй, нада мной.
3.VII.1906
|
|