РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У рытмічным настроі
Роднай мовай я зноў, па прывычцы старой,
Прывітаю жывую прыроду.
Словы з гукамі створаць рытмічны настрой –
У мастацтве чароўную згоду.
 
Пабягуць ручаямі радкі з-пад рукі,
Засьпяваюць аб сініх валошках,
Аб Радзiме маёй, дзе зьвіняць жаўрукі,
I аб мілых малых босых ножках.
 
Памяць лепіць мне вобразы: летні начлег,
I вячоркі, і мэндлікі ў полі.
Там заўсёды бывалі забавы і сьмех,
Забываліся клопаты, болі.
 
Маладосьці мінулай маланка ўваччу.
Смутак – хмарай. I шлях канчатковы.
А пакуль я жыву – неспакойна хачу,
У хаценьні цьвітуць мае словы.
 
Мне здаецца, плыве ціхамройны туман,
Белых прывідаў лёгкае цела.
I я грэшныя вершы пушчаю ў той стан,
Дзе каханьне яшчэ не сатлела,
 
Дзе гараць пачуцьцём гэтым нават дзяды,
Дзе гарачыя іскры і ў дыме...
Я праходжу праз дым і агонь – праз гады.
I душа мая там, на Радзіме.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.