РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доля ўдавы
Як гляну я, гляну ў сьвет зрэнкай хмурліваю,
Ў сьвет гэты, што поўны няпраўды благой, –
Зьлятаюцца думы ў душу нешчасьлівую,
I вырвецца песьня, абліта сьлязой.
 
Дарэмна на долю гляджу чалавечую,
Ня бачу шчасьлівых ў жыцьцёвым кругу,
А долю ўдавы ды і кожну кабечую
Найгоршай з найгоршых назваць я магу.
 
Ніхто за сіротку-ўдаву не заступіцца,
Ад злосьці і крыўд не бароніць ніхто,
А крыўдзіць жа сільныя слабых ня скупяцца
Людскому сумленьню і праўдзе назло.
 
Расьце сярод поля сасонка высокая,
I віхры, і хмары шалеюць над ей;
Жыве без апекі ўдава адзінокая, –
Як хвойка ад бураў, цярпіць ад людзей.
 
Ня знала яна з мужам шчасьця вялікага,
Ня раз аблівалася сэрца крывёй,
Цяпер жа ад ворагаў пошасьці дзікае
Ня знае спакойнай часінкі адной.
 
Падобная ў полі нязжатаму коласу,
Змагацца прымушана зь зьменным жыцьцём.
I скаргаў яе справядліваму голасу
Няма рэха чулага ў сэрцы людском.
 
Сваймі мазалямі – адвечна крывавымі –
Павінна на хлеба кусок зарабляць
I з крыўдамі, зь зьдзекамі біцца няправымі,
Аб прышлых днях думаць, дзяцей гадаваць.
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.