РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
З далёкай поўначы сівымі
Вярнуліся мае сябры.
Пакуты вязьня разам з імі
I сэнс раскрытай кабуры...
 
Іх сустракалі на вакзале.
Букеты кветак. Поціск рук.
Тых рук, што сець на іх вязалі,
Даносы ціскаючы ў друк.
 
I крыўда скардзіцца нямая,
Няма спагадных, дарагіх...
Адных улада абыймае,
Зямля чужацкая – другіх.
 
I набліжаецца паволі
Ізноў цяжкі, халодны змрок.
Ізноў сябры мае ў няволі,
I слова ўзята на замок.
 
I не раскажуць аб нягодах,
Аб тым, што тоіцца ў душы.
Як ганьбавалі іх на сходах,
На палітычным кірмашы.
 
Як уначы аўтамабілі
Іх везьлі ў роспачы, тузе,
Як маладосьць і цьвет згубілі
Ў глухой, бязьлітаснай тайзе.
 
Маіх сяброў я разумею,
Я чую іх... А злосны час
У сьцюжу гоніць і ў завею
Мільёны – непакорных – нас.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.