РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Абстракцыя
Пяшчотных пачуцьцяў сасьпела маліна,
Ужо разгараецца сьветлае пекла.
I песьні зрываюцца з пругкіх трамплінаў,
Каб слова дубовыя душы пасекла.
 
Звычайныя душы ёсьць нават і ў мушак.
Заростаюць душы густою травою...
Мы сушым прысыпкай паэзіі смушак,
А дзе тая вільгаць, што поіць жывое?
 
Дзе тая крыніца з празрыстым струменем?
Мы хочам напіцца, умытымі выйсьці,
Каб кроў маладзела і сьлёзы натхненьня
Зігценьнем казалі аб радасным прыйсьці,
 
Аб прыйсьці таго, што жыве ў лятуценьні...
Уяўнае станецца хай асалодай,
I ўцешна, як дзецям кітайскія цені,
Прадставіцца літаратурнаю модай.
 
Наш дух не ў палоне, і розум ня скуты.
I музыка з рызыкай сэнсу і гукаў.
Там космас – дзе гінуць зямныя пакуты.
Пратэст у замкнёную браму застукаў.
 
I тыя, што маюць звычайныя душы
Ня ўсё разумеюць, ня чуюць так чыста.
Тут нехта спакой вольнай думкай парушыў:
Сьмяецца, сьпявае, крычыць урачыста.
 
Абстракцыя ў практыцы. Значыцца, будзе
Яна задавольваць мастацкія густы.
Стаіць хараство і ў утончаным блудзе
Далёка ад розных рэклямаў распусты.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.