РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Архафон
Сасьпела слова сакавітае,
                                                          як сьліва.
I слава – слову, сіла у якім.
Няхай гучыць яно
                                        прыгожа
                                                            і шчасьліва,
Бо шчыры Бог
                              у роздуме маім.
Бог хараства, дабра!
Бог мрояў і каханьня!
Натура не захутана ў халат.
Прыймаю прымхі,
                                        радасьць сьветаадчуваньня
I чары слова,
                              і напеўны лад.
Нясу я слова ў сьвет.
I сам я ў слове новым
Знаходжу захапленьне, сэнс жыцьця.
Жыву – пяю.
Я – ў коле каляровым
Маіх пачуцьцяў,
                                    думак,
                                                  адкрыцьця.
 

I

 
Як-жа я верш напішу,
Калі пачуцьці нямыя?
Слова – сьвятлом у душу
Хлыне і цьмянае змые.
 
Шэрыя плямы зьвядзе,
Шчырасьць ушыркі разгорне.
Не падвядзе і ў бядзе,
I запяе на валторне.
 
Слова галосіць, і гук
Просіцца ў літары-знакі.
Слова працуе бяз рук,
Сьвету прыносіць прысмакі.
 
Горка. Салодка. Растуць
I хваляваньні, і мукі.
Чыстае ці каламуць?
Простае ці ад навукі?
 
Часам ад сэрца ідзе
Слова з любоўю, настроем.
Але-ж чуваць дзе-ні-дзе
Брыдкае, з бросьняй, пустое.
 
Слоў расьцярушаны хлуд:
Добрыя, мілыя, злыя...
Словы! Лаўлю гэты цуд
Нератам думкі з імглы я.
 
Вечны нязьведаны рух
Творыць істота жывая.
Слова – матэрыя? Дух?
Цела ці здань гукавая?
 
Як мне яго зразумець?
Як з ім прыгожа зрадніцца?
Слова патрапіла ў сець.
Звоніць жыцьця таямніца.
 

II

 
Як мне яго зразумець,
Зьведаць у межах закону?..
Слова патрапіла ў сець
Радыё і тэлефону.
 
Слова бяз крыл і бяз ног
Сьвет абыймае, праходзіць
Безьліч нябачных дарог,
З гукам чужым карагодзіць.
 
Музыка, сьпевы і звон,
Розныя лёзунгі ў масу
Ўзятыя сёньня ў палон
Тэхнікай бурнага часу.
 
Гукі мы ў рукі ўзялі
I павялі закілзаных.
Плешчацца песьня зямлі –
Блізкіх, далёкіх, нязнаных.
 
Чуем і голас таго,
Хто ўжо даўно ў дамавіне –
Гэта уцеха з тугой.
Песьня жыве і ня гіне,
 
Выйшла з навеяных сноў, –
Б'е, працінае прасторы.
Круціцца шпулька... Ізноў
Гукі старыя ў паўторы.
 
Гукі лятуць у эфір.
I ўжо ня вусны ў размове –
Бурны, народжаны вір
З ціхім прышэптам на слове.
 
Слова ў пакоі маім
Зьнекуль глушылі наўмысна,
А падалося важкім.
Пільна паслухаць – карысна.
 

III

 
У цішыні кагадзе
Ўспыхнула думка-маланка:
Космас сьпявае, гудзе –
Гукаў і слоў саматканка.
 
Тысячагодзьдзі прайшлі
Грукатам, сьмехам і плачам...
Сёньня на нашай зямлі
Слова ня ў зрэб'і жабрачым –
 
Моцнае і ў харастве,
I на высокім узьлёце.
Слова ў ракеце жыве,
I прабягае па дроце.
 
I ў падзямельлі яно,
I паміж зорак зьнямела.
Я пазнаю ўжо даўно:
Слова – спрадвечнае цела.
 
Добрых і гідасных слоў
Процьма ў сусьветным змаганьні.
Гул на мільёны вузлоў,
Гукі ў чароўным ваганьні.
 
Зданямі, мроіцца мне,
Кружацца ў вечным блуканьні.
Добрае слова кране –
Будзеш здаровым, у зьзяньні.
 
Ды апануюць калі
Брыдкія словы кагосьці, –
Цяжка таму на зямлі,
Лезе хвароба у косьці.
 
Гукі – і лекі, і труць.
Гукі эпохаў і эраў
Дзесьці лунаюць, лятуць.
Я гэтай казцы паверыў.
 
Прыйдзе ў наш век гукахват,
Дзіва пакажа вучоным.
Зробіць, складзе апарат
I назаве архафонам.
 
I апарат-чарадзей
Мовай старой загаворыць.
Словы вялікіх людзей
Зловіць і ўголас паўторыць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.