Дзесьці там, за граніцай, За далёкай мяжой, Давялося зрадніцца Беларусу з чужой. Ажаніцца, зрадніцца З немкай немай, глухой. Абы толькі спадніца I ня ў хаце пустой. Ажно доля з ухмылкай: Ці-ж любоў? Пачуцьцё? Непапраўнай памылкай Адцьвітае жыцьцё. I балюча і горка, Зноў самотным жывеш. I ня тая гаворка, I на звычаях плеш. I ня тыя ўжо кветкі, I чужая сям'я, I ня ведаюць дзеткі Беларускага «я». Той дарма наракае На няветлівы лёс, Хто сваімі рукамі Ў хату долю прынёс. Вераб'ю ня сініца, I ня чыж салаўю. Захацеў ажаніцца — Паглядай на сваю, З даўных дзён дарагую, Што з палескай журбой У дарогу даўгую Пойдзе разам з табой.
|
|