РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У каляровых эмоцыях
Як на даліне матылі,
Лятаюць мроі роем.
Ужо і прывіды прыйшлі
З дрымотным неспакоем.
 
I ружы чорныя цвітуць,
I чорныя тульпаны.
Пялёсткаў россып. Каламуць.
Гасьцінец пратаптаны.
 
Па тым гасьцінцы я іду, —
Як пiлігрым вандрую.
Каровак бачу чараду,
Алешыну старую.
 
I плот, і стрэхі, і асьвер...
Мой сон варушыць жорны.
Ля Белай вежы чорны зьвер
I нават бусел чорны.
 
Абвугленыя каржакі,
На іх жывая сажа —
Мурашкі, мушкі і жукі.
Мой сон мазутай мажа...
 
У садзе чорныя кусты
Смуродзіны, ажыны.
Хавае сьцежку цень густы,
Як смутак мой з чужыны.
 
Я вышаў проста за сяло.
Апанавалі згадкі.
Было... буяла і цьвіло...
Быў лад і непаладкі.
 
Стаіш, дзяўчына, на рагу
Крывой панурай пуні.
Сябе я там асьцерагу
Ад смуглай прыгажуні.
 
Уся ў пакровах чорных ты
I чорная павязка.
Далей, далей ад чарнаты!..
Змывайся, калі ласка!
 
Жалобны колер валасоў...
I вугалькамі бровы.
Няма цяпла вітальных слоў,
Губляюць сілу словы.
 
Адно ў вачох жаночых ноч,
Як чорнай кнігі чары.
I я кажу сабе: — Ня кроч
У змрочныя абшары.
 
Пашто ісьці ў халодны змрок,
Калі сьвятла даволі?
Я чую зноў бадзёры крок
Да працы і да волі.
 
Я бачу сонца зыркі сьмех.
Вясновая паводка
Бярэ з палёў іскрысты сьнег,
Як цукар сьсе салодка.
 
I зьберагаюць берагі
Яскравае праменьне.
I таюць крыгі, і кругі —
У беласьнежнай пене.
 
Жыцьцё бяжыць, рака цячэ,
А за вясной і лета.
Вылазіць чорнае яшчэ,
Як сумная прыкмета.
 
Ды на ральлі за плугам дзед
У зрэбных нагавіцах,
I асядае белы цьвет
Імглой на лозах ніцых.
 
Вунь поле ветлае здалёк
Рамонкамі вітае.
У жыце сіні васілёк,
I хваля залатая.
 
Плывуць аўсы і ячмяні,
I русая пшаніца.
Куды вачыма ні зірні —
Мне цьвет, як песьня сьніцца.
 
Пяе жаўрук, бугай раве
I качка крэхча з гаці.
Нязмоўчна конікі ў траве
Зьвіняць на сенажаці.
 
Казелец, дзяцельнік, чабор
Кладуць кілім стракаты.
Грыбамі, ягадамі бор
На добры збор багаты.
 
Краіна родная мая,
Хіба я не шчасьлівы,
Калі між красак бачу я
Адценьняў пералівы?
 
Багацьце колераў зямлі,
Вады, зары і хмараў.
Мяне дарогі прывялі
У сьвет. Я змалку марыў,
 
Шукаў прыгожай навіны
I паэтычных скарбаў.
Малююць яву сёньня сны
Мазком нязнаных хварбаў.
 
А восень па шляхох старых
Цьвет жоўты і барвовы
Нясе, і крэсьліць чорны штрых
Аголенай дубровы.
 
I перагной лісьця відзён,
I чорная навала.
А чорных плямаў, чорных дзён
На сьвеце ёсьць ня мала.
 
I на паперы чорны крыж,
I чорныя палосы.
I ты мне згадкаю іскрыш,
Анёл чарнавалосы.
 
Цяпер тых кудзеркаў няма...
I дзень мінуў маркотны.
Шырока сьнежная зіма
Раскінула палотны.
 
А белы волас у цябе,
А пасмы з-пад хусьціны,
Як напрадвесьні на вярбе
Бахматкі ўздоўж галіны.
 
У белым патаемны сум,
У чорным — жаль і смутак.
Завеі і гарачы тлум,
I цемрадзі закутак.
 
Хай багна чорная мяне
Ня цягне ў багавіньне.
Хай сьнег душу маю міне
I ад цяпла загіне.
 
Мой белы сон, мой чорны сон,
А часам — каляровы.
Ці-ж вам пяю я ў унісон,
I ці спахмурыў бровы?
 
Ці-ж я ў бядзе загаласіў
I па мінулым плачу?
Нясу па сьцежках родных ніў
Удачу і няўдачу.
 
Нясу пачуцьцi я свае,
I ўсё, што перажыта,
Са мной ідзе і мной пяе,
Красуецца, як жыта.
 
Дай Бог прачнуцца мне ў сьвятле
Ля сьветларусай мілай,
Ня ў буйным месьце, а ў сяле
З былой зялёнай сілай.
 
Хачу сьпяваць, хачу ў жыцьці
Трымаць кірунак новы,
Вясёлку колераў знайсьці
I самацьветы-словы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.