РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над празорай крыніцай
Над празорай крыніцай
на палі, на лугі,
ой, ня шлі, маладзіца,
сваіх песьняў тугі.
Яны стогнуць так глуха...
Сум зьвіў сэрца, як вуж...
Ці ліхая сьвякруха,
ці няветлівы муж?
А мо ён ды ня любы,
А мо гэта ня той,
што салодка галубіць
у буйны цьветабой?
Знаю – доля ня гладзіць!..
Ўсё ж тужыць перастань,
як юргіню ў прысадзе,
зломіць сівер твой стан.
Быццам колас падцяты,
бадылёк на вятры,
куст сарванае мяты –
адцьвіцеш без пары.
Сініх сьлёзаў, што ўпалі,
шчокаў макавы цьвет
ўжо ня вылавіш з хваляў,
бо вада адплыве...
Над празорай крыніцай
не спускай жа касы,
не губляй, маладзіца,
беларускай красы.
 
1939
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.