 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Дзесьці там, за морам, у Каіры Я па шумных вуліцах хадзіў. Заклікалі ў крамы ювэліры I тавар паказвалі наўзьдзіў. А спачатку кавай частавалі, Як той дзёгаць, чорнай і густой. Залатыя рэчы і крышталі Выстаўлялі ўкруг перада мной. – Разглядай, як госьць. Чаго сьпяшацца? Таргавацца потым, маем час. Вось пярсьцёнак філіграннай працы, I рубін, і дымчаты тапаз. I яшчэ жывыя самацьветы – Амэтыст, смарагд, аквамарын. Магараджы, прынцы ўсяго сьвету Падыходзяць да маіх вітрын. Гэтак урачыста на прыняцьці Выхваляў багаты свой тавар У чырвонай фэсцы і халаце Ветлівы гасьцінны гаспадар. А чарнявы хлолчык па-арабску Гаманіў і каву наліваў. Гаспадар з паклонам: – Калі ласка! Недарэмна я сюды зазваў. У мяне каралі, бранзалеты, Завушніцы, брошкі для мадам, Залатыя запінкі ў манжэты... За цану згаворную аддам. I гандляр араб міргнуў мне вокам: – Ёсьць магічны камень у мяне. Я яго хаваю ненарокам, Ён за якасьць хітрую ў цане. Падышоў паважна да шуфлядкі, Доўга і паволі адчыняў. Там каменьчык у пярсьцёнку гладкі Жухлым бляскам смутак наганяў. Быў араб паслужлівым, няўтомным. Паказаў мне свой мастацкі спрыт З яркай лямпай у закутку цёмным. – Вунь, зірні! Гарыць александрыт. Я гляджу – каменьчык ажывае I цьвіце ў пярсьцёнку залатым. Пасяродку кропля агнявая, I гару я сам у цудзе тым. Зьнік ужо халодны бляклы колер. Б'е сьвятло, успыхвае яно. Гэтак промні сыпле ў навакольле Праз крышталь чырвонае віно. Гэтак жар палае пад вятрамі, Асьвятліўшы ў цемры далягляд. Захапленьне ў ювэлірнай краме Праняло мяне да самых пят. Я стаяў нямы, зачараваны. Зыркае праменьне паплыло. На такім відовішчы зазваны Госьць адчуў каірскае цяпло. Горача. Нябачанае дзіва! Камень гэты ўносіць казку ў быт. А гандляр схіляецца пачціва, Кажа мне: – Але, александрыт. Ён цудоўна зьзяе! Так прыгожа! Гэта-ж радасьць у людзкіх руках. А зрабіць яго ніхто ня можа, Толькі мог стварыць яго Алах. Вось, напрыклад, пэрлы. Жорсткі вырак! Іх адолеў наш тэхнічны век. Нават дыямэнты і сапфіры Вырабляе сёньня чалавек. Не пазнаць, які між іх праўдзівы, – Зіхацяць аднолькава яны. А ў александрыце – пералівы Буйнацьвету казачнай вясны. Гэты камень колерам нязвычным Хутказьменным, можа ўсіх зьдзівіць. У сьвятле вячорным, электрычным Зоркай пурпуровай мігаціць, I купаецца ў чырвані рубіна. Дзіўны дарагі александрыт У мяне, як лямпа Аладзіна, Толькі не заўсёды лёгкі збыт. I яшчэ каменьчыку ўласьціва Пабялець і мёртва замаўчаць, Калі гора, скруха будзе хціва Чалавека крадкам дакучаць. Толькі што, як зорка зіхацела, А тады – ніякае сьвятло Не абудзіць каменнае цела, Каб ізноў зайграла, зацьвіло. Уладарка гэтага пярсьцёнка Мае часта цешыцца, глядзець. А ў бядзе, калі жальбы пляцёнка, Ён ня будзе весела ірдзець. Зьнікне гора, зноў з чароўнай сілай Заблішчыць, – гаворыць ювэлір. – Не вагайся, а купляй для мілай Гэты рэдкі ў сьвеце сувэнір. Ад спакусы цяжка адчапіцца. Я купіў, і гэты скарб прывёз. – Любая, з пярсьцёнка зараніца Хараством узрушыць нас, наш лёс. Электрычнай лямпай засьвяці ты, Загарацца райскія агні. Але што з тваім александрытам? Ён бялёса-бэзавы, зірні. Як-жа растлумачыць гэту зьяву? Ці мана, ці чары сапраўды? Не, араб ня вёў крутнёю справу, Мы з табой нявольнікі бяды. Страціць Бацькаўшчыну – ці-ж ня гора? Страціць родных – ці-ж ня смутак-боль? Мо таму ў пярсьцёнку згасьлі зоры, На каменьчык быццам села моль.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|