 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
На тэрасу суседняга дому Я спакойна глядзець не магу. Прывітаньне жыцьцю маладому, Там – трымаюць любоў і тугу. Ёсьць у слове маім захапленьне, Ёсьць імкненьне да ясных разваг. Бачу я хараство і сумленьне, I цяжар на жаночых руках. Маладая прыгожая дама – Лепшы цьвет сьветларусых жанчын – На паўдні каля мора таксама, Але мае разьбіты спачын. Вунь сядзіць у цяньку кіпарыса, Побач з ёю каляска стаіць. Хоць усьмешка – прыветная рыса, А няшчасьця ня можа ўтаіць. Бо з расчыненай скрынкі Пандора Горкіх прыкрасьцяў ссыпала ў быт. На калясцы калючае гора: Паўжывы вэтэран-інвалід. Містэр Сьміт вочы сплюшчыў, трасецца, У тупую дрымоту загруз. Гэтак рыба варушыцца ў сетцы, Гэтак мучыцца сонны мянтуз. Твар пажоўклы і скрыўлены болем. Б'е паралюш узапар сем год! Быў брытанец калісьці вясёлым, Лёгка зносіў вайсковы паход. На шляхох, на палёх і ў акопе Сьмерць круцілася, міма ішла. I гуляў лейтэнант па Эўропе, I пашана была, і хвала. Па вайне не вярнуўся дахаты, Ён у Швэцыі шчасьце знайшоў. Ажаніўся. Пасаг той багаты: Дом, дзьве крамы і шмат барышоў. А яшчэ і ласкавая жонка. Дык чаго наракаць і жадаць? Ажно лёсу ліхая нагонка, Пацямнела бліскучая гладзь. Нешта шчасьце з паўгоду трывала, Можа вынік вайны ўжо такі: Пацягнула хвароба-навала Прымака да сябе ў прымакі. На калясцы калючае гора: Містэр Сьміт – інвалід, а наўзбоч На яго пазірае пакора Васількамі засмучаных воч. Рукі млеюць. Сама даглядае... А ў закутках пляткарства паўзе: – I харошая, і маладая! Толькі ён, як мазоль на назе. Дык ня трэба пачуцьцяў прачулых. Каб ня ведаць пакутаў, нягод, – Аддала-б у шпіталь, ці прытулак, А пры добрай нагодзе – развод. Не зьвяліся ў жыцьці кавалеры. Хараство іх ня вабіць, ці што? Але марныя тыя намеры... Не, ніхто не спакусіць, ніхто. Місіс Сьміт, місіс Сьміт, дарагая! Я маўчу. Гэта знак пачуцьця. Я цішком чулым сэрцам чытаю Вашу смутную кнігу жыцьця. Разумею глыбока ахвяру – Абавязак, сумленьня закон... Я нясу вам пашану і мару, I спагаду, і нізкі паклон.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|