РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Усюды дарогі
Усюды дарогі, дарогі, дарогі...
Бяздомны вандроўнік ня мае прыпынку.
Чужыя пад'езды, чужыя парогі,
I голас уяўны: – Ці вернешся, сынку?
 
Дарогі каберцам ляглі на даліны,
На стэпы, пустэчы, на горныя лукі.
Дарогі даюць дарагія хвіліны
Шчасьлівай сустрэчы і горкай разлукі.
 
Мой дух неспакойны, упарты, палётны
Імкнецца ў нязнаныя пушчы і нетры.
Вунь сьцеляцца роўна асфальту палотны,
Тут – рэйкі чыгунак, там – трасы ў паветры.
 
Я сёньня ў Мадрыдзе, а заўтра ў Нью-Ёрку.
Пакіну пачуцьці па добрых краінах.
Ёсьць песьні на ўзмор'і, узьлесьсі, узгорку,
Гучаць на пяскох, на сьсівелых руінах.
 
А ўсё-ж наймілейшая песьня, што зроду
Я чуў ад бацькоў, і я ў тым прызнаюся:
Яна ня сьціхае на вуснах народу
Маёй сэрцагрэйнай жывой Беларусі.
 
Ня сьціхне яна і ў далёкай дарозе.
Я буду сьпяваць, падбіраючы словы.
Мне цёпла ў паэзіі, холадна ў прозе
I горача ў гомане роднае мовы.
 
Па сьвеце праменьнем кладуцца дарогі,
Расьце хараство на зямлі і на моры.
I я ў падарожжы ня маю зьнямогі,
У працы штодзённай ня ведаю зморы.
 
Радкі на паперы – таксама дарогі,
На іх няпрыкметна губляюцца сілы.
Парадак жыцьця непахісны і строгі.
Дарога апошняя – шлях да магілы.
 
I згадка міжвольная: бацькава хата,
Гародчык з півоняй, гарошкам і макам.
Усё гэтак міла, так ласкі багата,
I слуцкая бэра прынаджвае смакам.
 
У сэрцы хаваючы жаль і трывогу,
Кажу суцяшальна сабе я самому:
– Бяду перажыў. Уцалеў, дзякуй Богу.
А можа дарога спрастуе дадому.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.