РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чаканьне
Чакаю. У мроях – каханай аблічча.
Сьмяецца бярозка, паблізу якой
Стаіць прыдарожны дубок ваяўніча
З пудовай дубінай, з галінай цяжкой.
 
Бярозка мне шэпча: – Чакаеш? Ня прыйдзе...
А мой кавалер – маладзенькі дубок
Бароніць мяне ад вятроў. Я ня ў крыўдзе,
I я ад яго не адсунуся ўбок.
 
А ты адыйдзі! Тут няма вам спатканьня.
– Бярозка шаптуха, я ў зманлівых снох!
Мяне ці пакліча палеская каня,
Ці я там, забыты, чароцінкай ссох.
 
Але і ў сухіх чаратох шум чароўны
Я чую, і гэтак на ўзьмежку кажу:
– Мой шлях на калдобінах, шорсткі, няроўны.
Ня я – маё слова пяройдзе мяжу.
 
Мне мроіцца, сьніцца каханай аблічча
Ў таемнай жалобе, пахмурай жальбе.
Мая незабыўная песьнямі кліча
I прывідна туліць мяне да сябе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.