РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Катрынка
З білецікамі скрынка,
На скрынцы папугай.
Асіплая катрынка
Замоўкла, і няхай.
 
Яна ішла з журбою,
З птушынай буркатнёй.
А дзеці ўсьлед гурбою
Падскаквалі за ёй.
 
«Разлуку» напявала,
А добрая рука
Капейку апускала
У шапку жабрака.
 
I лёс усім з паўторам
Выцягваў папугай:
«Уцеха разам з горам,
Шляхі ў далёкі край».
 
Мы весела, забаўна
Сьмяяліся тады.
У роднай хаце спраўна,
Нямашака бяды...
 
Ды енчыла катрынка,
Стагнала не дарма.
I чэрствая скарынка,
I сьлёзная зіма.
 
I край чужы, далёкі,
I ўцеха, i спадзеў.
Я сам – цяжкія крокі –
Сваю катрынку ўзьдзеў.
 
Праходжу бераг мора
I млявых піхтаў гай.
Няўжо разлуку й гора
Прарочыў папугай?
 
Няўжо і мне бадзяцца,
Ня мець свайго кута?
Нярадасная праца
I на душы слата.
 
I сонца смаліць люта,
На вуснах сохне соль.
З табой ідзе пакута
Ў сьпякоту, холад, золь.
 
Пакута – сэрцу мука,
Галосіць і яна:
– Разлука ты, разлука,
Чужая старана.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.