Чаму гэтак ціха? Ці тлустая скіба Раты заляпіла, што голас аслаб там? Ці нашыя бабы ў родных сялібах Дзяцей нараджаць развучыліся раптам? Ня тлустыя скібы — кавалак спакусны, Ня бабы, што іншую долю спаткалі, А выгук зьвярыны з забеленых вуснаў, Што пырскалі сьлінай ды юхай сьцякалі. У выгуку тым — вынішчэньне народа, Упартых — фізічна, астатніх — маральна, Каб мы не згадалі ні племя, ні роду Ня тут і ня там, у зямлі Зауральнай. І край затаіўся зубром у засадзе, А ведама здаўна, што зубр — не маруда. Вось твар Цудатворнай ў цудным абкладзе, Маліся ж, чужак, спадзявайся на цуда! А цуда ня будзе — уласнай крывёю На сэрцы Радзімы, што сёньня ў кратах, Шыхты касінераў, мужыцкія воі, На сьмерць асуджаюць забойцу і ката. Калі ж абароняць злачынцу нябёсы, Ці служак-сабак незьлічоная зграя, У дзецях прадоўжацца нашыя лёсы, І вылюдка гэты прысуд пакарае!
|
|