РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спаміж забытых слоў
Бяз ветру млын стаіць маўкліва
I жорны ня гудуць.
Падзьме – і крылы зноў імкліва
На месцы ўкруг ідуць.
 
Тут цяжка мне атаясаміць
Сіберныя вятры,
Якія рвуць людзкую памяць
Знадворку і знутры.
 
Але прайшлі нягод віхуры,
Прайшлі вятры гадоў.
I па мінуўшчыне – хаўтуры,
I змрок забытых слоў.
 
Далёка дзесьці тыя словы
На памяці ляжаць.
Я ведаў тэрмін адмысловы
На нашу сенажаць.
 
Назваў-бы кожную расьліну –
I верас, і быльнёг,
Багун, асот, бружмель, брызгліну,
I пырнік на палёх.
 
Ды ўжо гады, відаць, ня тыя –
Ня круціцца жарон.
Сацьмелі словы залатыя.
I гэтакі-ж урон:
 
Чужы зварот, чужыя словы
Бярэм на вастрыё.
I выпадае з нашай мовы
Прыроднае, сваё.
 
Рамон названы маргарытай,
А вэрмутам палын.
Стаю над памяцяй разрытай,
Як той бяз ветру млын.
 
Я цяжка думаю, гадаю...
Спагадных слоў няма.
Была ў нас памяць маладая,
Як добрая кума.
 
Пякліся згадкі як аладкі,
Ня знаў я забыцьця.
Цяпер у сэрцы непаладкі,
Гаркавы смак жыцьця.
 
Але я ўсё-ж гатоў вучыцца,
Як пазнаваць красу.
Хай доля скочыла ваўчыцай –
Я долю панясу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.