 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Маленства дні! Я меў свой дзёньнiк. Пра ўсё і ўсякае пісаў: Што ў слоік трапіў апалонік, Што галасіў зацьвілы стаў, Што мелі мы свае забаўкі... Любілі плюхацца ў вадзе. I крык і сьмех. На лытках – п'яўкi I плямы твані дзе-ні-дзе. А мы, малыя, не шманалі, Плылі па сажалцы далей. Гарлачык белы адрывалі, – I хутка рос пучок лілей. У нашу хату роднай маме Мы несьлі радасна букет. Сьвяціла сонейка над намі I расхінаўся добры сьвет. Сябры і школа. Песьні. Казкі. Калядны вечар і канькі. Вясна з паводкай. Рунь і краскі. Зноў басанож і – нацянькі. I я і брат любілі поле, Дзе вецер торгаў за рукаў. Старанна, чысьценька, паволі Я ўсё ў свой дзёньнік натаваў. Тут неабсяжная прастора! Я зазначаў стракаты год: I радасьць звонкую і гора, I шмат здарэньняў і прыгод, I шмат цікавых уяўленьняў. Аднойчы мы пайшлі ў грыбы. Здалося, бачылі аленяў, Бліжэй – пасохлыя дубы. А нехта ў лесе моцна стукаў, Там пошчак хвою ўпарта сек. У таямніцы гэтых гукаў I дзяцел жыў і чалавек. У гушчарох гуло страхоцьце, У шэпце дрэў хаваўся гнеў. А корч трухлявы на балоце Дзівосна ў цемры палымнеў. Ваўка сустрэлі – не пазналі. Ці не сабака з вёскі ўцёк? Гадалі з братам і гукалі, А воўк глядзеў на нас здалёк. Пайшлі на рэчку з вудай-палкай Лавіць прынадай шчупачка. Ажно выходзіць там русалкай З вады суседава дачка. I мы зьбянтэжана стаялі... Ужо на ўлоў няма дарог. Глыбока нас усхвалявалі Гарачы сорам і спалох. Пазьней пра ўсё дазнаўся Лёнік. – Русалку вудзілі! – пакпіў. Я і яго ўпісаў у дзёньнік, Хоць і крыві маёй папіў. Маленства дзёньнік! Адмысловы! Цырата-вокладка на ім. Радкі няроўныя, а словы Жывыя, простыя зусім. Яны – у кнізе рукапіснай Пачуцьці згубленых гадоў. А дзе сьляды тэй праўды існай? Няма пакінутых сьлядоў. Вайна спаліла нашу хату, Дзіцячы рукапіс прапаў. Шкада! вярнуць-бы гэту страту, Каб я цяпер перачытаў.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|