РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
За шклянкай віна
Мы ўтрох сядзелі ў рэстаране.
Пілі віно. Сказаў адзін:
– Я ўжо стары. Маё стараньне
Ня мае радасных гадзін.
 
Даўней, бывала, я ня мала
Пакуты зьведаў ля сахі,
Але заўсёды моц трымала,
Хоць сам – прысадзісты, сухі.
 
На плечы браў цяжкія скрыні
Пудоў па дзесяць – ня хлушу.
Мяне любілі гаспадыні,
Хапала сіла за душу.
 
Я не хачу спрачацца з вамі,
Адно магу сказаць, што я
I сёньня здолеў-бы рукамі
Трымаць за рогі бугая.
 
– Ха-ха! Ці ёсьць чым выхваляцца, –
Сказаў уедліва другі.
– Пакуль віно ня зьнікне ў шклянцы,
Ты дужы, дружа дарагі.
 
А хто, скажы, паверыць можа,
Што маеш сілу і запал?
Вось я – быў час – пісаў прыгожа!
Сапраўдны інтэлектуал!
 
Пісаў артыкулы ў газэты.
А трапіць рукапіс чужы –
Праз адаптацыю і гэты
Ішоў у друк, у тыражы.
 
Кіпела сіла ў маіх творах!
Дзівіўся кожны, далі-Бог!
Зайздросьціў мне і друг і вораг,
Шмат зарабляў, і ўсё я мог.
 
Усё я мог купіць за грошы:
Імя, становішча і чын,
I гарнітур сабе харошы,
I хванабэрыстых жанчын.
 
Я лёгка кідаўся грашыма,
Мне чэк давалі напавер.
Цяпер у сэрцы – Гірашыма.
Самотны, бедны я цяпер.
 
Ужо няма былога спрыту.
Як вы, і я не малады.
Ніхто ў пабітае карыта
Ня будзе цёплай ліць вады.
 
Ніхто і словам не згадае,
Ня скажа міла: «добры дзень».
Не пацалуе маладая,
А пакусае авадзень.
 
Дый той пагрэбуе напэўна,
I адляціць адразу прэч...
Сказаў жартліва ён, ці гнеўна:
– Цяпер я хто? Пустая рэч!
 
Цяпер уцеха ўся за шклянкай
Благога таннага віна.
А хтосьці з жонкай, ці з каханкай...
Мне-ж – толькі ложак і сьцяна.
 
Браткі, за ваша п'ю здароўе!
Згадайма дзён мінулых звон,
Як малако пілі кароўе,
А на вясельлях самагон...
 
Пасьля зусім раскіс прамоўца,
Пачаў ён лаяць цэлы сьвет.
А я маўчаў. I ані слоўца.
Я ўспомніў дзедаў запавет:
 
Сілаю не выхваляйся,
У душы хвалька душы.
З мілаю не памыляйся,
Маеш грошы – не грашы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.