РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Блакітныя шляхі
Дарогі – наша школа,
Наш унівэрсітэт,
Шырокіх ведаў кола
I паэтычны сьвет.
 
Дарогі добра вучаць,
Хоць томяць часьцяком.
З людзьмі, з прыродай лучаць,
Знаёмяць з хараством.
 
I як не хвалявацца –
Паміж людзей расьцеш.
I радасная праца
Без перашкод і меж.
 
Дарогі – наш ратунак
Ад гора і нуды,
Найлепшы падарунак –
З вандроўкаю гады.
 
I можна палагодзіць
Час добры і ліхі,
Бо самалёт праходзіць
Блакітныя шляхі.
 
Вунь самалёт крылаты
Пад сонцам. Назірай!
Там – хмары быццам з ваты,
Вышэй – блакітны край.
 
Блакітным краем – раем
Прастора ў вышыні.
Дарогаю зьбіраем
Мы сонечныя дні.
 
I новыя сустрэчы,
Усьмешкі і цяпло.
Зьнікае сум старэчы,
Ізноў як і было.
 
Тэатры і музэі,
Тавэрны, кірмашы.
Мізэрнае марнее.
Мазаіка ў душы:
 
Пачуцьці, захапленьні,
Уражаньні і сьпеў,
I тыя лятуценьні,
Што зьдзейсьніць не пасьпеў.
 
Натхненьне. Зноў узьлёты
I думак матылі.
Чыгунка, самалёты
I ў моры караблі.
 
Наземныя дарогі,
Блакітныя шляхі.
Там гінуць ад зьнямогі
I слабасьць і грахі.
 
Зямляк мой, ты ў самоце,
Адчуўшы заняпад,
Глядзіш праз дзірку ў плоце
На расквітнелы сад.
 
А гэта – сьвет маленькі,
Дзе можна толькі цьмець
I, як на пні апенькі,
У шэрані трухлець.
 
Няўжо нішто ня кліча,
I цемрай заплылі
Натхненнае аблічча
I хараство зямлі?
 
Дарога добра вучыць,
Настаўніца яна.
Стамляе часам, мучыць,
Пазнаная здаўна.
 
Навошта да парога
Прысох ты, дамасед?..
Блакітная дарога
Вядзе ў прыгожы сьвет.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.