Расьцьвілі ужо астры на градах, ліст на дрэвах, бы мак той, адцьвіў; так хацелася-б верыць у радасьць, калі-б вецер так сумна ня ныў. Каб ня плакаў даўгімі начамі неабнятай тугой за акном, цьветам мо’ расьцьвілі-б кучаравым астры белыя ў сэрцы маём. Можа ў восені дні залатыя красавалі-б у сэрцы вясной, пакуль раніцы нам ледзяныя ня прыгоне тут сівер з сабой. Так цьвітуць, цьвітуць белыя астры, ды чаруюць на градах да сьлёз, душу толькі, як быццам-бы ястраб, да ніў родных навекі аднёс.
1942
|
|