Неба сягоньня цьвіло, быццам мак, вясёлкаю фарбаў зямлю малявала, можаш вярнуцца дамоў, як жабрак, якому капейкі ў жыцьці не хапала. Не запытаем падаркаў ў цябе. Не збаімося дзіравай кішэні. Грошы, як лісьце на зжоўклай вярбе, іх не зьбярэш, не ўтрымаеш у жмені. Многа тут бачылі розных паноў, за нас з табою грашыма багатшых... Ты з сэрцам кахаючым рвіся дамоў, яго ў нашых сёлах так мала хто бачыў. Ты волю да чынаў з сабой прынясі, розум, і знаньні, і яснасьць сумленьня. Няхай жа народу ўсё гэта дасьць сын, калі ужо маці замоўкла ў цярпеньні. Калі б неба макамі йзноў зацьвіло і мне захацелася заўтра памерці, хачу, каб, як макі, кахала, жыло маё у табе беларускае сэрца.
1958
|
|