РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Усю ноч аж да ранка
Пад напевы трысьця
Ловіць хваляй Зэльвянка
Адгалосы жыцьця.
 
Калі вецер патопіць
Семя зор у вадзе,
Забяжыць сюды хлопец
І дзяўчына зайдзе.
 
То пасядуць на бераг,
Злучаць рукі бяз слоў.
То кахаюць і вераць,
То расходзяцца зноў.
 
А Зэльвянка, як маці,
Ловіць невадам хваль
I глыбока хавае
I каханьне і жаль.
 
Умее сьлёзы уцерці,
Знае гоечы лек.
Злучыць вусны і сэрцы,
Злучыць рукі навек.
 
I мяняюцца песьні,
I мінаюць гады.
Маладосьць адплывае
З быстрай хваляй вады.
 
Толькі казкі ня гінуць
Пра каханьня дзянькі.
Застануцца ўспаміны
Не для любай ракі.
 
Забяжыць сюды хлопец,
Прыйдзе сівы дзядок,
Пакуль жыць будзе Зэльва,
Наш малы гарадок.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.