Над Падуяй неба такое наўкруг, як сны мастакоў Адраджэньня. Падуя – горад вялікіх навук, славутых надзей і імкненьняў. Заціхлі званы, адбылася імша, йзноў сьпевы гучаць на лаціне. Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша, палачанін, Франьцішак Скарына... Даўно ўжо пакінуў свой меч, і свой лук, і Полацк, лясамі акружаны, выйшаў насустрач свабодных навук, па-свойму сільны і мужны. Ўжо доктар навукі пад сілу яму. З Падуі слаўнай, з чужыны, вязе Беларусі, народу свайму жыцьцё сваё, званьні і імя. Ня князь і ня шляхціц, бяз дворні і слуг, праз пушчы, мядзьведжыя тропы вяртаецца доктар мэдычных навук, першы доктар на ўсходзе Эўропы. Гандлюе, квітнее наш край малады, багаты і хлебам і рыбай: будуюцца замкі, ўстаюць гарады, вырастаюць у пушчах сялібы. Толькі навукі, паны над зямлёй, мовяць мовамі розных чужынаў. I першую кнігу на мове сваёй друкуе нашчадкам Скарына. I роднае слова гучыць сярод цьмы чужынскай, як праўда трывожная: «Не, не для долі жывёльнае мы, а к доблесьці, к праўдзе народжаны». Простым людзям ён піша, субрацьцям сваім дарагія, разумныя словы. Апавяшчае ўрачыста усім: «Бог пусьціў мяне ў сьвет з гэтай мовай». Можа, словы былі як загад, гэту мову пакутныя ўнукі захавалі пад стрэхамі хат для сьвятла, для дабра, для навукі. Мудрасьць здолее ў цемры сьвяціць. Загад продкаў у сэрцах ня згіне! Будзем думаць, вучыцца, тварыць так, як ты, ў сваёй мове, Скарына.
1965
|
|