Мінулі дні асеньняй, бурай сьлякаці, падмёрзлы грунт завалакло сьняжком. Такая рань, што хочацца расплакацца насустрач сонцу й лёгкім аблаком. Уквеціў шэрань гольлі непакрытыя, за ночку стрэхі сьнегам падбяліў, як быццам нечасаную, нямытую сялібу нашу нехта палюбіў. Я ў цёплай хусьце выбегла на ганачак, на вуснах сьмех, такі нячасты госьць. Бязмэтна неяк выглядаю саначак, якімі адзьвінела маладосьць. А тая даль паўзе-гудзе машынамі, праезджым экскаватарам раве, і гасьне маладосьць мая шыпшынная, як сьветлы дзень ў вячэрняй сіняве. Што ж, маладосьць усім здаецца казачнай. Вось і мая: у полі ля сяла праехала пад звоначкі на саначках, па росных межах басанож прайшла. Ляцець бы так санямі параконнымі ля сонных хатаў, ля дарожных вех, каб даль зьвінела вокал галагонамі, а з-пад капытаў разьлятаўся сьнег. Сялянскі нораў, кроў мая мужыцкая да коней сэрцам цягне, да сяла. Жыву даўно забытымі прывычкамі... Што ж, маладосьць сярод палёў прайшла.
1965
|
|