РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зіма
Мінулі дні асеньняй, бурай сьлякаці,
падмёрзлы грунт завалакло сьняжком.
Такая рань, што хочацца расплакацца
насустрач сонцу й лёгкім аблаком.
 
Уквеціў шэрань гольлі непакрытыя,
за ночку стрэхі сьнегам падбяліў,
як быццам нечасаную, нямытую
сялібу нашу нехта палюбіў.
 
Я ў цёплай хусьце выбегла на ганачак,
на вуснах сьмех, такі нячасты госьць.
Бязмэтна неяк выглядаю саначак,
якімі адзьвінела маладосьць.
 
А тая даль паўзе-гудзе машынамі,
праезджым экскаватарам раве,
і гасьне маладосьць мая шыпшынная,
як сьветлы дзень ў вячэрняй сіняве.
 
Што ж, маладосьць усім здаецца казачнай.
Вось і мая: у полі ля сяла
праехала пад звоначкі на саначках,
па росных межах басанож прайшла.
 
Ляцець бы так санямі параконнымі
ля сонных хатаў, ля дарожных вех,
каб даль зьвінела вокал галагонамі,
а з-пад капытаў разьлятаўся сьнег.
 
Сялянскі нораў, кроў мая мужыцкая
да коней сэрцам цягне, да сяла.
Жыву даўно забытымі прывычкамі...
Што ж, маладосьць сярод палёў прайшла.
 
1965
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.