Ты пагладзь мяне, мая матуля, ласкава, ціхенька, хоць у сьне, як тады, калі пяяла люлі у дзяцінства казачнай вясьне. Ды рукою, шорсткаю ад працы, ўсе удары залячы жыцьця. Хоць віскі даўно ўжо серабрацца, дай адчуць, што я яшчэ дзіця, што, як колісь, на галоўцы русай пальцы рук праменьнямі ляглі, акажыся зноў па-беларуску, мовай роднаю загавары. Завязі ізноў мяне у школу, прытулі да сэрца, як калісь... Парай коней на акутых колах будзем доўга ехаць ў Ваўкавыск. Знаеш, мама, ў школе ўсё па-польску, каб прымелі – душу узялі б. Гавары мне мовай родных вёсак сонечнай пакрыўджанай зямлі. Кажаш, вырасла танкляваю вярбою, азарыла юнасьцю наш дом... Забяры мяне назад з сабою, мне так добра, калі мы разом... Годзе, годзе, мама дарагая, рук ня трэба нада мной ламаць. Я ж адно ў жыцьці маім кахаю, чаго нельга на зямлі кахаць. Ты сама ўліла мне гэту сілу горкіх крыўдаў, што ня ўбачыў Бог, і сама такою нарадзіла – з прагай волі ў маладых грудзёх. Птушак шнур запозьнены, асеньні праляцеў і скрыўся ў тумане. Калі б знала, для якіх цярпеньняў нарадзіла, маці, ты мяне. Пакладзі на голаў мне далоні, запляці апошні раз касу, я цябе такою, як сягоньня, праз жыцьцё, як сьвятасьць, пранясу.
1966
|
|