РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая мова
Ў добры час, на улоньні вясковым,
дзе вадзіца крынічная б’е,
навучыўся я матчынай мове
і задуманых песьняў яе.
 
Многа ёсьць недасягнутых скарбаў,
яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе нізашто не аддаў бы,
бо яна найвялікшы мой скарб!
 
Яна гойдае сьпевам калыску,
літасьціва шчабеча ў бядзе,
на ёй песьні складаюць вятрыскі
ў неспакойны, разбуджаны дзень.
 
Мая мова ня знае зьмярканьняў
ад маленства да старасьці лет,
буду песьціць яе, як каханьне,
разглядаць, як чароўны букет.
 
Можа, мовы чужой навучуся,
каб суседзяў гасьцінна вітаць,
але толькі на ёй, беларускай,
буду людзям аб долі пяяць.
 
Мая мова, як шчасьце на вуснах,
хваляваньня гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засьмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
 
1966
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.