РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Не бярозаю і не калінаю
з салаўямі на досьвітку млець,
ані вечназялёнай ялінаю
ў сьнегапады і ў сьпёку шумець.
 
Не лябёдкай, ня скрыпкай ліповаю –
я хачу, як апошні наш зубр,
сільнай быць, гартаванай, суроваю,
так цьвярдой, бы пушчанскі наш дуб.
 
Хачу ўстояць – каронаю ў просіні,
а карэньнем ад сэрца зямлі, –
ад нямілых, ліхіх, ад няпрошаных
сваім гольлем яе затуліць.
 
I пяяць ёй ліствою, галінамі,
кожным нэрвам карэньняў кахаць.
Яе лёс, яе шчасьце праўдзівае
на дубовыя плечы узьняць.
 
Старажыць, засланяць, безбаронную,
ад чужацкіх разгулаў спыняць
і удар, ў яе сэрца скірованы,
трапяткім сваім сэрцам прыняць.
 
1966
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.