РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Моладзі
Дзень мой гасьне, жыцьцё на зьмярканьні
адплывае, як хвалі ракі.
Добры дзень, маладыя зэльвяне,
дарагія мае землякі.
 
Раніцой выбягаеце з вулак,
бы вясёлы, жывы ручаёк,
сьпяшыце, быццам пчолы у вулей,
на няўмольны працоўны званок.
 
Са сьлядамі марозу на шчочках,
з сумкай, поўнаю кніг і сшыткоў.
Вашы крыху заспаныя вочы
мяне часта вітаюць бяз слоў.
 
Дзень за днём я душою вас мераю.
Часам радасьць, а часам сумнеў,
і глядзіш, з малай вусені шэрае
матылёк аж пад сонца ўзьляцеў.
 
А да сонца дарога адчынена,
толькі крыльлі расправіць шырэй.
Захацець – і ўсё стала магчымае
для харошых, працоўных людзей.
 
Няхай ваша вясьнянае «сёньня»
стане стартам да новых змагань,
да навукі, да працы, да знаньняў,
да высот, да жыцьця без заган.
 
Моладзь – гэта надзея, сьвітаньне,
каласы нашы і васількі.
У добры ж час, маладыя зэльвяне,
дарагія мае землякі!
 
1966
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.