У белым і пышным убраньні, Як прыйдзеш, пачнеш ты пасьля Здабытае ласкі ў каханьні, Выконваць балет матыля. Ты будзеш прыгожа кружыцца I крыльлем тканіны шасьцець. Падобна – завея сьняжынцы Загадвае лёгка ляцець. Як зорка-сьняжынка, пушынка, Ляціш, трапяткі матылёк... Ты ў трыццаць гадоў, як дзяўчынка; Ці-ж мне любавацца здалёк? Прыходзь да мяне. Я чакаю. Я сэрца агнём спаласну. Цябе, маю радасьць, спаткаю – Прыносіш былую вясну. Чакаю... На ціхім дыханьні, Здаецца, сьпявае зямля. Выконвай у белым убраньні Вясёлы балет матыля.
|
|