РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Памяці Мар’і Канапніцкай
I сышла ты, пясьнярка народаў,
Божы сьветач жывых пакаленьняў,
Ў новы край невядомага быту
Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў.
 
I пакінула загадку сьвету –
Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі:
Ці то сонца зайшло назаўсёды,
Ці ім долю мо’ іх пахавалі?..
 
Бо як песьня твая ўсемагутна
Безгранічна зьвінела, будзіла, –
Так няма ні граніцы, ні меры
Ўсёй жальбе над тваёю магілай.
 
I хаця сэрца сьціхла, заныла,
Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, –
Голас думак тваіх яшчэ будзе
Не з адным гаманіці сталецьцем.
 
Дух твой зь сьветласьцяй неба сальецца
I з праменьнямі сонца сьвятога
Сьлёзы-росы высушываць будзе
І паказываць к праўдзе дарогу.
 
Памяць насып-магілку ўхарошыць
З жывых кветак рукою сірочай,
Як квяцісты былі твае песьні
Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.
 
А зь мільёнаў грудзей набалелых
Плысьці ўздох зь веку ў век не пакіне
Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,
Па вялікай пясьнярцы-княгіні.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.